`

Гісторыя кафедры ўсеагульнай гісторыі

Кафедра ўсеагульнай гісторыі была створана ў 1949 годзе на аснове кафедры гісторыі, якую ў першыя паваенныя гады ўзначальваў С.М. Арлоў. У 1950 г. загадчыкам кафедры ўсеагульнай гісторыі быў прызначаны канд. гіст. навук, дацэнт К.В. Эле. Калектыў кафедры забяспечваў выкладанне шэрага профільных прадметаў. У прыватнасці, заг. кафедры дацэнт К.В. Эле выкладаў археалогію і гісторыю Старажытнага свету, дэкан гістарычнага факультэта А.М. Гурэвіч, які працаваў на кафедры, таксама выкладаў гісторыю Старажытнага свету. Гісторыю сярэдніх вякоў у 1945 г. чытаў студэнтам Я.Г. Фейгенберг, а ў сярэдзіне 1950-х – канд. гіст. навук А.І. Скрыначка, Новую гісторыю краін Усходу – канд. гіст. навук Э.Б. Модзіна.

         У 1970-я гады кафедра ўсеагульнай гісторыі была аб’яднана з кафедрай гісторыі СССР, загадчыкам якой з 1972 г. стаў канд. гіст. навук, дацэнт Г.С.  Еўдакіменка. У гэты перыяд на кафедры працавалі вядомы ўсходазнавец, доктар гіст. навук, прафесар А.А.  Бенядыктаў, гісторыю краін Азіі і Афрыкі выкладаў канд. гіст. навук, дацэнт В.Ф.  Маслюкоў. Курсы Новай гісторыі і гісторыі краін Азіі і Афрыкі чыталі выкладнікі з Белдзяржуніверсітэта дактары гіст. навук, прафесары Л.М. Шнэерсон і Г.М. Трухноў. Напачатку 1980-х гг. кафедру ўзначаліла канд. гіст. навук, дацэнт З.М. Сарока.

У 1984 г. гэта кафедра гісторыі СССР і ўсеагульнай гісторыі была рэарганізавана і на яе базе былі створаны асобныя кафедра гісторыі СССР і кафедра ўсеагульнай гісторыі, першым кіраўніком якой стаў доктар гіст. навук, прафесар Р.Р. Лазько, які ўзначальваў кафедру да 2012 г. (з невялікім перапынкам). Спецыялізацыяй кафедры стала даследаванне новай і навейшай гісторыі краін Еўропы. У 1970-х – 1980-х гг. на кафедры працавалі медыявіст канд. гіст. навук, дацэнт А.А. Цітова, германіст канд. гіст. навук, дацэнт Л.М. Гаранін, археолаг канд. гіст. навук, дацэнт У.У. Багамольнікаў. З 1998 па 2004 гг. кафедру ўзначальваў германіст канд. гіст. навук, дацэнт А.М. Бабкоў.

З 2012 г. загадчыкам кафедры з’яўляецца канд. гіст. навук, дацэнт С.А. Чаропка. На 2016-2017 г. на кафедры ўсеагульнай гісторыі працуе 9 выкладчыкаў, сярод якіх 1 прафесар, 6 дацэнтаў. Напрамкам навуковых даследаванняў кафедры з’яўляецца гісторыя краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы ў новы і навейшы час. Па дадзенай праблематыцы выкладчыкамі кафедры ўсеагульнай гісторыі абаронены 1 доктарская і 5 кандыдацкіх дысертацый. Выкладчыкі кафедры з’яўляюцца аўтарамі шэрагу манаграфій і навукова-папулярных выданняў. Заг. кафедры дацэнт С.А. Чаропка і асістэнт А.П. Шыляеў займаюцца распрацоўкай пытанняў, звязаных з станаўленнем ваеннай справы ў Рэчы Паспалітай, месцам гэтай дзяржавы ў сістэме міжнародных адносін у XVI – XVIII стст. Першая сусветная вайна і праблема бежанства з’яўляюцца прадметам вывучэння дацэнта А.М. Бабкова. Гісторыя Польшчы міжваеннага перыяду, працэс станаўлення беларускай дзяржаўнасці з’яўляецца полем даследавання прафесара Р.Р. Лазько і дацэнта Д.М. Талочкі. Гісторыю міжнародных адносін міжваеннага перыяду вывучаюць дацэнт М.М. Мязга і канд. гіст. навук А.М. Дуброўка. Даследаваннямі ў галіне імагалогіі займаецца дацэнт А.М. Кротаў. Выкладчыкі кафедры актыўна павышаюць сваю навуковую і метадычную падрыхтоўку не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. За апошнія гады дацэнт С.А. Чаропка прайшоў стажыроўкі ў Кракаўскім і Варшаўскім універсітэце, прафесар Р.Р. Лазько ў Віленскім універсітэце, дацэнты М.М. Мязга і А.М. Кротаў – у Маскоўскім дзяржаўным універсітэце, канд. гіст. навук. А.М. Дуброўка і асістэнт А.П. Шыляеў – у Варшаўскім універсітэце.

Кафедра ўсеагульнай гісторыі з’яўляецца магутным навуковым цэнтрам, яна ўдзельнічае ў выкананні фінансуемай навуковай тэматыкі ў рамках Дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў. На яе базе рэгулярна праводзяцца міжнародныя канферэнцыі, сярод з якіх асабліва вылучаецца «Беларусь і суседзі: шляхі фарміравання дзяржаўнасці, міжнацыянальныя і міждзяржаўныя адносіны», дзе сустракаюцца навукоўцы не толькі навуковых цэнтраў Беларусі, але і з Ізраіля, Літвы, Польшчы, Расійскай Федэрацыі, Славакіі, Украіны і Японіі. З 2012 г. на кафедры штогод выдаецца зборнік навуковых артыкулаў «Беларусь і суседзі: шляхі фарміравання дзяржаўнасцi, мiжнацыянальныя i мiждзяржаўныя адносiны».